Эксперымент у сацыяльных сетках на веданне мовы | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Марына Яшанкова Марына Яшанкова Автор текста
11:10 03 Сентября 2014 Общество

Эксперымент у сацыяльных сетках на веданне мовы

Каб навучыцца чытаць, трэба засвоіць алфавіт. Каб пазнаць ролю беларускай мовы ў сацыяльных сетках, трэба паспрабаваць размаўляць анлайн. Інтарэс моладзі да беларускай мовы, выкарыстанне мовы продкаў у паўсядзённых зносінах – пытанні, якія натхнілі мяне на эксперымент. 
 
 
Ад думкі да дзеянняў
 
 
Наконт мяне: я не выкарыстоўваю родную мову ва ўсіх сферах свайго жыцця, але заўсёды з ахвотай пагутару па-беларуску. 
 
 
Некалі, праязджаючы па вуліцы Ільіча, я звярнула ўвагу на шыльду на беларускай мове. Напэўна, у гэты час з’явілася задума, якую я і рэалізавала на справе.
 
 
Прыехаўшы дадому, уключыла камп’ютар, увайшла ў віртуальную прастору. Сацыяльная сетка «Вконтакте». Выбіраю дзесяць гамяльчан: пяць дзяўчат і пяць хлопцаў, рознага ўзросту, ад пятнаццаці да трыццаці гадоў, сучасную моладзь. 
 
 
Дзяўчаткі не гутараць 
 
 
Доўга не разважаючы над тэкстам паведамлення, пішу першай дзяўчыне: «Добры дзень! Як жывеш, як маешся? Пагутарым?» Чакаю. Паведамленне прачытана, але адказу няма. «Вось і першыя вынікі», – падумала я, але працягнула эксперыментаваць. На маю прапанову сяброўства «па-беларуску» адмовіла другая гамяльчанка, дзяўчына старэйшая за першую, васемнаццацігадовая. У гэтым выпадку маё імкненне да размовы было, на жаль, абсмяяна. Нездарма кажуць: тры разы на шчасце. Мая трэцяя спроба ўдалася: дзяўчына-рэспандэнт (а факт правядзення эксперыменту быў, канешне ж, засакрэчаны!) з ахвотай згадзілася са мной паразмаўляць, цікавілася моўнымі прыярытэтамі, хутка адказвала на паведамленні. Вельмі добрая завязалася гутарка, але трэба было рухацца далей. Наступнае маё знаёмства таксама прайшло добра. Размовы пра сучаснасць і будучыню, густ у літаратуры, пажаданні здароўя і поспехаў мелі месца ў гэтым дыялогу. Узрушаная маленькімі перамогамі, я напісала яшчэ адно, апошняе, паведамленне і накіравала яго да «жаночай аўдыторыі». У адказ – маўчанне…
 
 
 
 
Час рабіць высновы. Сярод гамяльчанак толькі дзве з пяці згадзіліся паразмаўляць па-беларуску, адна – негатыўна паставілася да маёй прапановы, дзве іншыя ўвогуле не адказалі.
 
 
Кавалеры зацікавіліся мовай…
 
 
Эксперымент працягваўся. У такіх жа ўзроставых катэгорыях і такімі ж метадамі я «прасканавала» мужчын Гомеля. Што гаварыць… З пяці рэспандэнтаў чатыры з ахвотай згадзіліся са мной паразмаўляць. Беларуская мова ўспрымалася тут альбо як арыгінальны спосаб знаёмства, альбо як з’ява «замежная». Адно паведамленне спадару N так і накіравалася ў небыццё. 
 
 
 
 
Такім чынам, параўноўваючы свае поспехі ў гэтай нялёгкай справе, я прыйшла да высновы: гомельскія кавалеры, як не глядзі, адклікаюцца на беларускую мову лепш за дам. І тут закралася думка: а што калі гэта выцякае з майго фотаздымка на ўласнай старонцы і ўвогуле абумоўлена маёй палавой прыналежнасцю? Неабходна падмацоўка.
 
 
Намаганні «хлопца» 
 
 
У хуткім часе ажыла мая «мужчынская» анкета: Марына пераўтварылася ў Максіма. Усе графы запоўнены, фотаздымкі на сваім месцы, сябры дабаўлены ў спіс. Рэальнае існаванне чалавека не паддаецца сумненню. Дзесяць рэспандэнтаў. Пачынаю. 
 
 
Дзяўчаткі з «маім хлопцам» размаўляць згаджаюцца неахвотна… Пятнаццацігадовая Y ўсё ж такі адазвалася на паведамленне, і завязалася гаворка. Размова працякала з ноткамі добразычлівасці і пашаны. 
 
 
Успрыняцце беларускай мовы як дзівоцтва прыйшлося на выпадак нумар два: дзяўчына шчыра здзівілася існаванню людзей, якія размаўляюць «па-асабліваму». Крочым далей. Жартаўлівая гамяльчанка вырашыла паздзеквацца з беларускамоўнага «хлопца» і свае адказы друкавала выключна на англійскай мове. Далей мой эксперымент увогуле зайшоў у тупік: ніякіх водгукаў на свае «лісты» я так і не атрымала. 
 
 
 
 
Спроба пасябраваць па-мужчынску аказалася бессэнсоўнай: толькі адзін адказ ад Q, зацікаўленага «незвычайнай» мовай і чалавекам, які размаўляе на ёй. Мой субяседнік быў вельмі ўзрушаны магчымасцю паразмаўляць па-беларуску – прыемнасць і ўжо здзіўленне для мяне.
 
 
Бедны «мой хлопец». Наладжванне кантактаў з грамадствам па-беларуску скончылася для яго амаль што крахам. 
 
 
Жывое беларускае слова 
 
 
Выключаю камп’ютар і разважаю. Канешне, мае высновы віламі па вадзе пісаны, але мне здалося, што пэўны інтарэс да беларускай мовы з боку нашых гараджан ёсць. Нельга сказаць, што абыякавасць пераважае, як і нельга сцвярджаць, што на сёння мова дзядоў займае выключныя пазіцыі. 
 
 
Мой эксперымент не мае навуковага статусу, не можа быць выкарыстаны ў ролі статыстычных дадзеных, з’яўляецца дылетанцкім, аднак ўсё ж такі падкрэслівае: беларуская мова жыве. Разважанні разважаннямі, але ўсё трэба замацоўваць на справе. Пайду я лепш пачытаю што-небудзь. Беларускае. 
 
Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N