Подпіс Шабунеўскага, пропуск у палац і электрастанцыя графа Паскевіча | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дарья Моложавская Дарья Моложавская Автор текста
12:00 18 Июля 2022 Культура

Подпіс Шабунеўскага, пропуск у палац і электрастанцыя графа Паскевіча

Экспанат, пра які будзе ісці размова, магчыма самы малы па памеры з тых, аб якіх мы пісалі. Перад намі асабісты подпіс вельмі важнай для горада асобы. Такім жа чынам, як нехта збірае аўтографы знакамітых артыстаў ці спартсмэнаў, у Музеі горада Гомеля з трапятаннем захоўваюць дакумент, які асабіста зацвердзіў знакаміты гомельскі архітэктар, аўтар значнай часткі забудовы Гомеля Станіслаў Шабунеўскі.

З асобай архітэктара ўсё зразумела, яе значнасць пытанняў даўно не выклікае. Лепш звернемся да подпісу і, галоўным чынам, да аркуша старой паперы, на якім ён быў пакінуты. Гэта архітэктурны праект дома, які, згодна абазначэнням, быў пабудаваны на вуліцы Цыялкоўскага ў Гомелі. Дакумент датуецца 1914 годам. Здаецца, гэта было так даўно, што нават выклікае здзіўленне: няўжо ў тыя (ужо «барадатыя») часы патрабаваўся вось такі афіцыйны праект і зацверджанне цэлага галоўнага архітэктара, каб пабудаваць драўляны жылы дом у прыватным сектары? 

– Тое, што галоўны архітэктар зацвярджаў распрацаваныя для гарадскіх вуліц праекты будынкаў, – нармальная практыка, нават для таго часу, – расказвае дырэктар Музея горада Гомеля Юлія Купрэева і беражліва разгортвае векавы экспанат. – Проста такіх дакументаў у музеях вельмі мала, улічваючы, колькі няпростых падзей выпала на долю Гомеля. За гады вайны нават ад забудовы вуліц цэнтральнай часткі горада мала што засталося, што казаць пра папяровыя рэчы… Таму подпіс, пакінуты галоўным архітэктарам Гомеля Шабунеўскім, – рэч даволі рэдкая. І для нашага музея, які існуе параўнальна нядоўга, гэта сапраўдная каштоўнасць. 


  • Каштоўны подпіс знакамітага архітэктара

Разам з Юліяй Купрэевай разглядаем схему, распрацаваную ў 1914 годзе: перад намі драўляны дом з цагляным падмуркам. 

– У гэтым праекце адчуваецца рука архітэктара, прафесійнае афармленне, – заўважае Юлія Святаславаўна. – З улікам мясцовых традыцый у драўляным дойлідстве. Тым больш мы бачым вялікі фасад, шмат вокнаў, ёсць дэкаратыўнае аздабленне… 

Дарэчы, такія праекты цікавыя яшчэ і тым, што акрамя самаго чарцяжа яны змяшчаюць у сабе іншыя цікавыя дэталі. Напрыклад, бачна, што з усіх вуліц, якія ідуць побач, да нас дайшла толькі назва – Гомельская, астатнія былі перайменаваныя. Тая ж вуліца Цыялкоўскага адзначана як Феадосьеўская, сучасная вуліца Ракасоўскага ў плане – Адэская. Абазначыў аўтар праекта і чыгунку, якая праходзіць у гэтай частцы горада. Мы бачым два накірункі – «у Лібаву» і «ў Ромны». 

У праекце ёсць і іншыя адзнакі: акцызная марка, якая сведчыць, што заказ аплачаны, дата – сакавік 1914 года, назва ўстановы, якая зацвярджала праект, – Гомельская гарадская ўправа. Ёсць імя і прозвішча заказчыка – Яфім Цакуноў. 


На вялікую радасць, улічваючы, што з моманту стварэння праекта прайшло больш за сто гадоў, захаваўся не толькі сам дакумент, але і драўляны дом, які нейкім чароўным чынам перажыў вогнішчы вайны. Больш за тое, у доме сёння жыве праўнучка таго самага Яфіма Цакунова, які, ўласна кажучы, і замовіў праект. Яна як раз і прынесла ў музей каштоўны экспанат. 


  • Так выглядаў асабісты пропуск у палац Паскевічаў жонкі Цакунова

Валянціна Сяргеенка – даўняя сяброўка музея. Жанчына не толькі перадае ўстанове цікавыя і каштоўныя рэчы, але шмат расказвае пра сваіх продкаў, якія жылі ў Гомелі не адно дзесяцігоддзе. Каб пачуць пра наш экспанат з першых вуснаў, адпраўляемся на вуліцу Цыялкоўскага. З Валянцінай Анатольеўнай сустракаемся пад велізарнай ліпай, якая расце ў яе двары побач з домам. Мяркуючы па таўшчыні ствала, здаецца, што дрэва – равеснік жылога будынка.


– Раней такія вялікія ліпы раслі па ўсёй вуліцы, памятаю іх з самага дзяцінства, – адказвае на маё здзіўленне Валянціна Анатольеўна. – Але з часам многія з іх спілавалі. Зразумела, што дрэвы такога памера маглі перашкаджаць будаўніцтву ці агародніцтву, ці яшчэ па якіх прычынах. А мы вось пакінулі, так і расце.

Мая субяседніца крыху саромеецца таго, што палова хаты, дзе жыве яе сям’я, не абкладзена, як у суседзяў, цэглай. Разважае, што магчыма «для газеты» так было б прыгажэй. Супакойваю яе, бо для мяне, аматара даўніны, гэта, наадварот, знаходка. Сцены з бярвення, разныя ліштвы – сапраўдная атмасфера мінулага. Можна ўявіць, як выглядала вуліца больш чым стагоддзе таму. Так а што ж дом?



– Яфім Цакуноў, імя якога вы знайшлі на плане дома, – гэта мой прадзед, – уводзіць у курс справы Валянціна Анатольеўна. – Праект ён замовіў, каб пабудаваць хату для двух сваіх сыноў, адным з якіх быў мой дзед Пётр. Таму па просьбе бацькі хату спраектавалі сіметрычна на два ўваходы, каб жылі дзве сям’і. 

З расказаў старэйшых блізкіх Валянціна Анатольеўна ведае, што Яфім Сцяпанавіч працаваў у Паскевічаў лесніком. 

Свайго дзеда Пятра Яфімавіча Валянціна Анатольеўна ніколі не бачыла, так склалася. Вядома, што ён таксама працаваў у Паскевічаў, толькі на электрастанцыі. Цікавы факт: гэтая электрастанцыя размяшчалася на тэрыторыі Палаца Румянцавых і Паскевічаў у будынку сённяшняга філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Шклярава. 

– Бабуля расказвала, як насіла дзеду ежу, і калі праходзіла міма грота палаца, то бачыла, як зверху на тэрасе сядзела за вышыўкай княгіня Ірына Паскевіч, – узгадвае Валянціна Анатольеўна. – Мне заўсёды падабалася гэта гісторыя, хаця некаторыя паддавалі яе сумневу, не разумеючы, як простую жанчыну пускалі на тэрыторыю палаца. Але ж у бабулі быў спецыяльны пропуск з яе фотаздымкам. Ён захаваўся, і яго я таксама передала ў музей. 

Між іншым у бабулі з дзядуляй у хаце на Цыялкоўскага нарадзілася чацвёра дзяцей. 


– Мой бацька Анатолій Пятровіч 1921 года нараджэння. Перад самай вайной скончыў медвучылішча, якое зараз таксама працуе на вуліцы Кірава. Пры гэтым ён заўсёды марыў быць лётчыкам, таму паступіў у Качынскае авіявучылішча. Адвучыўся і адразу трапіў на фронт. Пасля курсаў медсясцёр на вайну пайшла і мама Яўгенія Дзмітрыеўна. Яна ўдзельнічала ў Сталінградскай бітве, узнагароджана медалём «За абарону Сталінграда». Абставіны склаліся так, што і бацька, і маці трапілі ваяваць у полк знакамітага лётчыка Аляксандра Пакрышкіна. Магчыма, там і пазнаёміліся. Перамогу сустракалі ў Аўстрыі. У хуткім часе ў Вене нарадзілася я. 


Дарэчы, на фронт пайшлі і два браты майго бацькі. Старэйшы Павел вярнуўся, а малодшы Васіль загінуў. Казалі, што недзе пад Гомелем. Бабуля да апошняга дня шукала, дзе гэта здарылася, але так і не знайшла. Зараз і я спрабую, раптам атрымаецца… Усё ж тэхналогіі сёння іншыя. 

Пасля некалькіх гадоў жыцця ў Аўстрыі і Германіі сям’я Валянціны Анатольеўны вярнулася ў горад над Сожам. У тую самую хату на вуліцу Цыялкоўскага.


– Так, наш дом выстаяў. Але ж я памятаю, што яго дах быў весь у дзірках, а ў сцяне з бярвення тырчаў вялікі кавалак металу. Рамантаваў дом бацька, прыбудаваў веранду. Працаваў ён у гомельскім аэраклубе разам з Героем Савецкага Саюза Рыгорам Дзенісенкам.

Ідучы па вуліцы Цыялкоўскага, заўважаем яшчэ некалькі відавочна старых жылых будынкаў. Ім таксама пашанцавала і яны засталіся некранутыя ліхімі падзеямі. Хутчэй за ўсё і яны захоўваюць у сабе шмат гісторый асобных сямей, якія цесна сплятаюцца з гісторыяй Гомеля. 

– У 2009 годзе мы ўпершыню звярнуліся да жыхароў нашага горада з просьбай дапамагчы напоўніць толькі створаны музей, – адзначае Юлія Купрэева. – Прадметы быта, фотаздымкі, дакументы – нам цікава ўсё. Магчыма, чалавек збіраецца рабіць сучасны рамонт ці з’язджае, ці проста хоча, каб нейкія каштоўныя для яго рэчы не згубіліся, не трапілі на сметнік, і ёсць магчымасць прынесці гэтую рэч да нас. Людзі прыходзяць. Экспазіцыя папаўняецца. І гэта радуе, таму што толькі разам па крупінках мы можам захаваць і передаць далей няпростую гісторыю нашага горада. 


Автор фото: автора

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N