Мiхась Болсун Мiхась Болсун
12:30 23 Июля 2019 Спорт

А перамога была блiзка: «Гомель» – «Нёман» – 1:1

Стартавы матч другога круга чемпiянату Рэспублiкi Беларусь па футболе ў вышэйшым дывiзiёне «Гомель» правёў на выездзе з гродзенскiм «Нёманам». 

Паядынкi гэтых каманд заўсёды праходзяць у вострай, бескампраміснай барацьбе. З памяцi балельшчыкаў яшчэ не сцерлiся ўражаннi ад гульнi ў першым туры, калi было забiта пяць мячоў. Тады перамог «Нёман» – 3:2. I вось новая сустрэча. «Гомель» паехаў на берагi Нёмана з адным жаданнем – узяць рэванш, хоць усе разумелi, что зрабiць гэта будзе нялёгка, бо гаспадары знаходзяцца ў першай дзясятцы турнiрнай таблiцы, а «Гомель» – трэцi знiзу. Адметнасцю матча з'яўляецца i тое, что ў стартавым складзе нашай каманды выйшлi гуляць 
тры навабранцы. А вось у варотах «Нёмана» з'явiўся Дзмiтрый Дудар, якi яшчэ нядаўна быў iграком «Гомеля».

Балельшчыкi, якiя прыйшлi на ста­дыён, спадзявалiся пабачыць сапраўднае спартыўнае вiдовiшча, атрымаць задавальненне. I не памылiлiся. З першых хвiлiн гульнi гаспадары поля пайшлi ў наступ. Ужо на трэцяй хвiлiне на варотах гасцей б'е Валерый Жукоўскi. Нацiск узмацняецца. Гульня набывае востры характар. У запале барацьбы Гіоргi Кантарыя груба згуляў супраць ­­Нiвалды, i нёманец ужо на пятай хвiлiне пабачыў перад сабой жоўтую картку. А праз лiчаныя хвiлiны яны памянялiся «ролямi», i бразiлец таксама атрымаў «гарчычнiк».

Каля варот «Гомеля» раз-пораз узнiкаюць непрыемныя моманты. Але «прабiць» нашага варатара Дзянiса Каўлiнава гродзенцам не ўдаецца. Жорсткая, а падчас i грубая, гульня прыводзiць да траўмаў. Вымушаны быў пакiнуць поле Гіоргi Кантарыя. I ўсё-такi ў першым тайме футбалiсты абедзвюх каманд вельмi старалiся дасягнуць вынiку.

Пэўная перавага была ў гаспадароў поля, але ўсе iх намаганнi не прынеслi жаданага. Калi ж не забiваеш ты, забiваюць табе. Падчас адной з атак гамельчан грубую памылку дапусцiў iгрок «Нёмана» Поль Бебей. Гэты «падарунак» умела скарыстаў Нiвалда. «Гомель» павёў у лiку – 1:0. Акрыленыя поспехам, нашы футбалiсты зайгралi больш настойлiва. Калi ж да канца асноўнага часу заставалася пяць хвiлiн, за грубую гульню гродзенец Аляксей Лягчылiн атрымаў другую жоўтую картку i быў выдалены з поля. Быў узнагароджаны «гарчычнiкам» i гамяльчанiн Руслан Болаў. На замену яму выйшаў Антон Шрамчанка, якi ў дададзены арбiтрам час груба згуляў у штрафной супраць настойлiвага Гульджыгiта Алыкумава. Пацярпелы сам i рэалiзаваў пенальцi.

Вядома, гуляючы ў большасцi, прапускаць мяч на апошнiх хвiлiнах – непрыемна. Але для «Гомеля» раздорваць ачкi сапернiкам на фiнiшы матчаў ужо стала нядобрай звычкай. Але не будзем папракаць каманду за ўпушчаную перамогу. Нiчыя на выез­дзе – таксама неблагi вынiк. 

А вось iншыя вынiкi 16-га тура. Адзiн з лiдараў чэмпiянату – брэсцкае «Дынама» – атрымаў пераканаўчую перамогу над «Тарпеда-БелАЗ» - 4:1. «Iслач» перагуляла «Гарадзею» – 2:1, а «Слуцк» – «Энергетык БДУ» – 1:0. «Вiцебск» i «Мiнск» згулялi ў нiчыю. Тры матчы тура перанесены на больш познi час.

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях