ФК "Гомель" - БАТЭ - 0:0 (фото) | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Болсун Міхась Болсун Міхась Автор текста
22:30 14 Августа 2015 Спорт

ФК "Гомель" - БАТЭ - 0:0 (фото)

Гульні 16-га тура чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футболе расцягнуліся на чатыры дні, а пачыналіся паядынкам паміж ФК «Гомель» і барысаўскім БАТЭ. Напярэдадні матча футбалісты нашага клуба правялі спецыяльную акцыю сярод жыхароў горада: прыгожымі лістоўкамі агітавалі прыйсці на стадыён і падтрымаць каманду. Спрацавала. Нягледзячы на тое, што матч трансліраваўся па тэлебачанні, на трыбунах было 3200 балельшчыкаў. Па мерках беларускага чэмпіянату лічба высокая. Ды інакш і не магло быць: у горад над Сожам завіталі футбалісты лепшага клуба краіны. Намер іх быў адзін: пазбавіць «Гомель» трох ачкоў.

З першых хвілін гульня прыняла напружаны характар. Госці часцей атакавалі, стваралі небяспечныя моманты. На 17-й хвіліне легіянер БАТЭ Неманья Мілуновіч пасля розыгрышу вуглавога з блізкай адлегласці моцна прабіў па варотах. Галкіпер Алег Кавалёў быў напагатове і адвёў пагрозу. На 33-й хвіліне мог вызначыцца другі легіянер гасцей – Піліп Младэнавіч, але вартавы варот «Гомеля» зноў згуляў надзейна.

Адбіваючы настойлівыя атакі барысаўчан у першым тайме, нашы футбалісты не-не ды і прарываліся на ўдарныя пазіцыі. Шанц адкрыць лік меў Аляксей Цяслюк, але не здолеў абыграць вопытнага варатара Сяргея Чэрніка. На 39-й хвіліне добра «прыклаўся» да мяча Дзяніс Мядзведзеў, і той прасвістаў побач з крыжавінай варот БАТЭ.

У другім тайме госці таксама мелі тэрытарыяльную перавагу. Для ўзмацнення атакі іх трэнер выпускае на поле Іллю Алексіевіча замест Аляксандра Валадзько. Віталь Радзівонаў замяняе Аляксандра Глеба, а крыху пазней – Аляксей Карніцкі – Аляксея Рыаса. Націск на вароты «Гомеля» ўзмацняецца. Пасля ўдару Мілуновіча мяч трапляе ў штангу. Тры зручныя моманты не выкарыстаў Мікалай Сігневіч, бо ва ўсіх выпадках быў на вышыні Алег Кавалёў, якога заслужана прызналі лепшым іграком матча ў гамяльчан.

Вартая пахвалы і ўся каманда. Ігракі БАТЭ нанеслі 18 удараў па варотах, з іх 8 у створ, выканалі 10 вуглавых. Маладая каманда не толькі забяспечыла недатыкальнасць сваіх варот, але мела магчымасць забіць мяч. Так, на 50-й хвіліне Генадзь Блізнюк не змог «замкнуць» добрую перадачу. На фінішы матча Віталь Новікаў мог паставіць галявую кропку. На жаль, не пашанцавала.

Праявіўшы характар, цвёрдаць духу, гульнявую дысцыпліну, гамяльчане змагаліся да апошняга. Адчувалася, што трэнерскі штаб належным чынам падрыхтаваў футбалістаў да гэтага паядынку з лідарам беларускага футбола, неаднаразовым удзельнікам розыгрышу Еўракубкаў. І хоць балельшчыкі не ўбачылі ў паядынку забітых мячоў, яны засталіся задаволенымі гульнёй «Гомеля», гэтак жа як і галоўны трэнер Уладзімір Гольмак:

– Было вельмі цяжка, бо БАТЭ – класная каманда, але і мы стварылі моманты, асабліва ў першым тайме і на 90-й хвіліне. І такія моманты будуць заўсёды, калі ты гуляеш у футбол, а не мучаешся. Здорава, што мы згулялі ўнічыю. Жадаю барысаўчанам паспяховага выступлення ў Еўракубках. За іх сёння перажывае ўся краіна.

Галоўны ж трэнер БАТЭ Аляксандр Ермаковіч не хаваў расчаравання:

– Мы, вядома, засмучаны тым, што згубілі ачкі другі матч запар. Не здолелі забіць. Мелі вялікую тэрытарыяльную перавагу, дастаткова было момантаў, не скажу, што стопрацэнтных, але маглі б з іх выціснуць больш. Не ўдалося. На жаль, атрымалі контратакі, у якіх нас маглі і пакараць. Хачу павіншаваць гамяльчан з добрай гульнёй, яны заслужылі гэту нічыю сваёй самааддачай, барацьбой. Малайцы!

Нагадаем, што дублёры гэтых каманд таксама згулялі ўнічыю – 1:1. У гамяльчан прыгожым голам вызначыўся Дзяніс Галенка.

А вось вынікі матчаў 16-га тура сярод асноўных саставаў: «Белшына» – «Неман», «Дынама» (Брэст) – «Граніт» згулялі ўнічыю – 0:0, «Дынама» (Мінск) атрымаў важную перамогу над «Шахцёрам» – 1:0. Такі ж лік зафіксаваны ў матчы «Слуцк» – «Мінск». Выйгралі сталічныя футбалісты. «Нафтан» у дамашняй гульні ўпэўнена перамог «Віцебск» – 3:0. Сустрэча «Славіі» і «Тарпеда-БелАЗ» прайшла ўчора, калі нумар газеты ўжо быў падпісаны да друку.

dsc_7281.jpg

dsc_7288.jpg


Автор фото: Анна Пащенко

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N