Ён меў 40 псеўданімаў, а яго вершы чыталі ў космасе. Цікавыя факты з жыцця Якуба Коласа | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дмитрий Чернявский Дмитрий Чернявский Автор текста
08:58 03 Ноября 2022 Культура

Ён меў 40 псеўданімаў, а яго вершы чыталі ў космасе. Цікавыя факты з жыцця Якуба Коласа

Якуб КОЛАС, з дня нараджэння якога 3 лістапада спаўняецца 140 гадоў, заўсёды імкнуўся да гармоніі і спакою. Любіў рыцарскія раманы і быў адным з тых рэдкіх беларускіх паэтаў, хто пачаў пісаць пра каханне пасля 60. Яго творчасць падкрэслена аўтабіяграфічная, а найбольш выразны аўтапартрэт – Сымон-музыка. Якім жа быў на самой справе народны паэт БССР, раскажуць цікавыя факты з яго жыцця.




З леснікоў Радзівіла. З 13 дзяцей, якія нарадзіліся ў бацькоў паэта, да сталых гадоў дажылі дзевяць. Бацька Міхал служыў лесніком у князя Радзівіла, маці Ганна вяла хатнюю гаспадарку. У хуткім часе пасля нараджэння Кастуся (так хлопчыка звалі дома) сям’я пераехала ва ўрочышча Ласток (іншая назва – Сухошчына). У 1890–1904 гадах сям’я Міцкевічаў жыла ў леснічоўцы Альбуць недалёка ад Мікалаеўшчыны ў Мінскай вобласці.

Пад уплывам Крылова. Прыкладна ў 10-гадовым узросце пад уплывам твораў Крылова Кастусь склаў байку «Варона і Лісіца». У 12 гадоў напісаў свой першы верш «Вясна», за што быў заахвочаны бацькам. У той жа час юны Міцкевіч пазнаёміўся з беларускай літаратурнай творчасцю (верш Янкі Лучыны «Стары ляснік»), і гэта зрабіла на яго моцнае ўражанне.

Першы верш. 1 верасня 1906 года ў віленскай беларускамоўнай газеце «Наша доля» з’явіўся верш «Наш родны край», у якім аўтар называў родную зямлю «беднай старонкай», «забытым Богам краем». Гэта першы надрукаваны твор паэта. Тут упершыню быў выкарыстаны псеўданім Якуб Колас. 15 верасня 1906 года ў «Нашай долі» пад псеўданімам Дзядзька Карусь змешчана апавяданне «Слабода» пра самавольства царскай паліцыі – першы надрукаваны празаічны твор пісьменніка.




  • 39 кніг паэзіі і прозы выйшла з-пад пяра Якуба Коласа. Таксама ён напісаў пяць п'ес, а над эпічнай трылогіяй «На ростанях» працаваў з 1921–га па 1954 год.

40 псеўданімаў. Паэт меў сапраўднае імя Канстанцін Міцкевіч, але падпісваўся больш за 40 псеўданімамі на беларускай і рускай мовах: Якуб Колас, Агарак, К. Адзінокі, Анд-
рэй «сацыяліст», К. Белорус, Тамаш Булава, Ганна Груд, Тарас Гушча, Дземяноў Гуз, Пятрусь Дзягель, Дзядзька Карусь, Дубовы Ліст, Ганна Крум, Кудесник, Карусь Лапаць, Левы, Лесавік, Мікалаевец, Наднёманец, Народный учитель, Свой чалавек, Стары шут, Иван Торба. 

Грошы з барады. Абвінавачаны ў актыўных дзеяннях, накіраваных на выкананне праграмы Усерасійскага саюза настаўнікаў, які, як было заяўлена на судзе, меў на мэце ліквідацыю існуючага ў Расійскай імперыі грамадскага ладу, паэт быў прыгавораны да зняволення, якое адбываў у мінскай турме з 1908-га па 1911 год. «Барада была ў мяне, – ўспамінаў Якуб Колас. – Мне сябры па камеры забаранялі здымаць яе. Грошы я ў барадзе хаваў. Туга было: харчоў не хапала. Зразумела, мець сваю капейку было надзвычайна патрэбна. А ўберагчыся цяжка – вобыскі: знойдуць і забяруць. І я выручаў усю камеру: скручу якую дзясятку ў трубачку і ўткну ў бараду. Рукі падыму ўгару, шукаюць, шчупаюць – і нічога. Дзе ж ім дагадацца».


На «ты» з Купалам? Аднойчы паэт высмеяў літаратара Максіма Лужаніна за апісанне ім сваёй першай сустрэчы з Янкам Купалам у 1912 годзе. 
«... Як табе падабаецца такая сустрэча двух паэтаў? Яны першы раз бачацца і адразу ж абдымаюцца і тройчы чаломкаюцца, як загадвае звычай, і, не паспеўшы ўцерці губы, хапаюцца за вершы, пачынаюць чытаць, і не абы як, а выйшаўшы на сярэдзіну хаты і ўпёршы рукі ў бокі. З-за коміна паглядаюць дзеці – абавязкова замурзаныя! – і варушаць губамі – абавязкова пульхнымі! – паўтараючы вешчыя словы. Дарослыя – абавязкова! – зміргваюць з вачэй слязу. Хто – абавязкова! – цярэбіць хустку, хто – абавязкова! – пагладжвае вусы і бараду. Адкуль гэта ты ўзяў, што ў нас з Янкам былі звонкія галасы? Як гэта мы маг-
лі так вольненька, паляпваючы адзін другога па плячы, перайсці адразу на "ты"? І пры малых, пры маці ўсчыналі ледзь не рэвалюцыйныя прамовы? А як ты прымусіў нас размаўляць? Падумай. Вытрымкамі з вершаў. І хоць бы з якіх-небудзь, а то са сваіх уласных. Хіба ў нас чалавечыя словы ў горле паперасядалі?» 

Кінуў дрэнную звычку. «Скора будзе год, як не куру, – пісаў у асабістым дзённіку Якуб Колас. – Гэта троху падмацавала лёгкія, але, з другога боку, я стаў таўсцець, а тоўстых я ніколі не любіў, а самога сябе я за гэта ўзненавідзеў».

Пасадзіў дубы ў гонар Данілы, Міхася і Юркі. Фізічная праца прыносіла Якубу Коласу незвычайнае задавальненне. Аднойчы ён пасадзіў чатыры дубы ў гонар сваіх трох сыноў і сябе самога: Данілы, Міхася, Юркі і Якуба. Там жа была паса-
джана бярозка як вечная памяць пра жонку Марыю Дзмітрыеўну. Гэтыя дрэвы дагэтуль растуць на двары пісьменніка (цяпер – музея).

«Мінск. Коласу». Якуб Колас праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдаткаваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі свой творчы шлях. Так, нікому не вядомаму студэнту Заіру Азгуру Колас у свой час плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю. З юнака выйшаў сусветна вядомы скульптар. Падтрымліваў пісьменнік і сціплую маладую дзяўчынку Ларысу Александроўскую, якая стала потым вядомай опернай спявачкай. На адрас «Мінск. Коласу» штодня прыходзілі дзясяткі лістоў з просьбамі з усяго Савецкага Саюза.

Да апошняга думаў пра мову. У дзень сваёй смерці Якуб Колас напісаў ліст у кіраўніцтва партыі, дзе выказаў сваю занепакоенасць станам беларускай мовы. Прадказаў яе заняпад, калі не будуць прыняты меры. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося ўсяго за некалькі гадзін да таго, як спынілася яго сэрца.

Нават пабываў у космасе. Зборнік вершаў Якуба Коласа пабываў у космасе, яго браў з сабой у палёт у 1975 годзе першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. Памер выдання – 8,5х7 сантыметраў, кніга была выпушчана ў 1972 годзе да 90-годдзя з дня нараджэння песняра. У кастрычніку 1975-га Пётр Клімук падарыў «зорны» томік Данілу Міцкевічу – сыну Якуба Коласа. У 2014 годзе гэтае выданне ўвайшло ў экспазіцыю «Зорнае неба» народнага мастака Беларусі Івана Міско ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.
 

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N