Галоўны экспанат: як у Гомель трапіла цэгла з Лондана? | Новости Гомеля
Выключить режим для слабовидящих
Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Дарья Моложавская Дарья Моложавская Автор текста
18:00 10 Ноября 2022 Культура

Галоўны экспанат: як у Гомель трапіла цэгла з Лондана?

Сённяшні наш экспанат можна знайсці не толькі ў музейнай экспазіцыі. Калі пагуляць па старых вуліцах горада і ўважліва паглядзець па баках, яго можна заўважыць у натуральных умовах – у сценах і падмурках будынкаў – і ўжо значна радзей – сярод рэшткаў брукаваных дарог. У цэнтры нашай увагі – цагліна.

Адкуль памылкі? Калі не знаходзішся ў тэме, то так адразу і не зразумееш, якое дачыненне гэты будаўнічы матэрыял мае да музеяў і да нашага праекта ў прыватнасці. Але ж калі пачаць хаця б павярхова вывучаць тэму, можна даведацца, што гэты прадмет дастаткова часта збіраюць калекцыянеры, а сам па сабе ён можа паведаць шмат цікавага. 

Цікавыя прыклады цэглы ёсць і ў Музеі гісторыі горада Гомеля. Супрацоўнікі ўстановы паспелі сабраць іх падчас гарадской перабудовы ў тым ці іншым месцы. Пры зносе драўляных дамоў, рэканструкцыі гарадскіх дарог цікавыя экспанаты трапляліся на вуліцах Барыкіна, Валатаўской, Палескай, Дакутовіч, Карла Маркса і іншых.

Нават калі ты невялікі спецыяліст у вобласці будаўнічых матэрыялаў, адразу кідаюцца ў вочы цікавыя надпісы на гліняных брусках. Напрыклад, «Парыж» і «Лондан». І калі ў першым выпадку з іншамоўнай граматыкай усё зразумела, то ў другім ёсць некаторыя пытанні. 


H. LOHDOH. M. Па-першае, адкуль у горадзе над Сожам цэгла з Туманнага Альбіёна або з-пад Эйфелевай вежы? І па-другое, якім чынам дапушчаны памылкі?



– Версій таго, па якому прынцыпу выбіралася кляймо для цэглы, існуе некалькі, – тлумачыць галоўны захавальнік фондаў Музея гісторыі горада Гомеля Анастасія Ропат. – Тое, што яе маглі прывезці са сталіцы Францыі ці Велікабрытаніі, усё ж такі малаверагодна. Хутчэй за ўсё, гэта быў такі рэкламны ход вытворцаў цэглы, якія імкнуліся запомніцца спажыўцам. Адныя пакідалі надпіс, які адсылаў да прозвішча ці назвы вытворчасці канкрэтнага ўладальніка завода. А другія хацелі, каб іх запомнілі лепш, і выбіралі назву вядомага горада ці вось такое нямецкае feuer – агонь. Што датычыцца памылкі ў назве сталіцы, то тут таксама мы можам толькі паразважаць. Магчыма, так рабілі знарок, каб вызначацца сярод іншых, хто таксама прымяняў такое кляймо, бо гэта было папулярнай з’явай. А магчыма, памылку зрабілі рабочыя, якія працавалі на вытворчасці і не ведалі іншамоўнай граматыкі. 


Вынікі пошукаў значэння клеймаў і гісторыі цэглы ў інтэрнэце прыводзяць да вываду, што сёння гэтыя подпісы сталі асобным відам гістарычнай інфармацыі. Па іх можна даведацца аб уладальніках прадпрыемстваў або аб тым, дзе знаходзіўся завод шмат гадоў таму. Сёння цэгла – дастаткова папулярны прадмет для калекцыяніравання. З’явілася нават назва гэтага віда збіральніцтва – брыкафілія (ад англ. brick – цагліна). Зразумела, што аматараў збіральніцтва прываблівае не сам гліняны брусок, а менавіта клеймы, пакінутыя вытворцамі. Больш за тое, цэглу са старажытнымі подпісамі зараз прадаюць у якасці дызайнерскіх элементаў для дэкора памяшканняў. 

Зроблена ў Беларусі. Згодна розным крыніцам, у Беларусі першыя цагельныя заводы з'явіліся напрыканцы XVIII стагоддзя. Да 1917 года яны належылі прыватным уладальнікам. Зразумела, цалкам адкідаць магчымасць таго, што ў Гомель для будаўніцтва цэглу маглі прывозіць з іншых, часцей суседніх, краін, нельга, тым больш існуюць такія звесткі. Але разам з тым у нашым горадзе была свая вытворчасць гэтага будаўнічага матэрыяла. Захаваліся дакументы, якія сведчаць, што ў красавіку 1944 года была прынята пастанова аб аднаўленні ў горадзе і вобласці цагельных заводаў. Так, у Гомелі ўзнаўлялі 5, 6 і 17 цагельныя заводы з агульнай магутнасцю 33 мільёны адзінак у год. Таксама вядома, што ў склад прадпрыемства «Гомельбудматэрыялы» падчас яго стварэння ў 1949 годзе ўвайшлі чатыры цагельныя заводы – №№ 5, 17, 6 і завод клінкернай цэглы. Яшчэ адзін цікавы факт: калі ў мінулым годзе векавы юбілей адзначала КСУП «Брылёва», мясцовая раённая газета згадала, што сто год таму, ў 1921 годзе, ваенгас «Брылёва» быў створаны на базе падсобнай вытворчасці трэцяга цаглянага завода і некалькіх прыватных садаводчых гаспадарак…


Нумар 17 завода захаваўся ў форме мясцовай назвы – сяльмашаўскіх кар’ераў. Па некаторых звестках, тыя ж 5 і 17 заводы знаходзіліся побач з вуліцай Азёрнай, завод № 6 – на месцы сяльмашаўскіх карпусоў на вуліцы Фадзеева. 

– Прыкладна ў 30-я гады мінулага стагоддзя гэтыя тры заводы працавалі за межамі горада, – расказвае Анастасія Яўгенаўна. – Гарадскімі яны сталі пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі ў 1948 годзе  ў гарадскую мяжу была ўключана вёска Ціценкі (тэрыторыя напоўнач ад вуліц Рошчынскай і 2-й Гомсяльмашаўскай). Цагельная вытворчасць тут была наладжана яшчэ да рэвалюцыі, і напачатку ХХ стагоддзя для бліжэйшых вёсак была правадніком індустрыялізацыі, бо тут працавала 136 чалавек. Па тых часах гэта вельмі многа. 

  • Цэгла – адзін з самых старых вядомых будаўнічых матэрыялаў. Больш старажытнымі з’яўляюцца хіба што камень і драўніна. Па розных звестках, цэгла датуецца 7000 гадамі да нашай эры. Спачатку яе рабілі толькі ў цёплых краінах, таму што сушыць матэрыял трэба было на сонцы. Сапраўдным дасягненнем у цаглянай справе стала вынаходства абпаленай цэглы (недзе 3500 гадоў да нашай эры). З гэтага моманту будаўнічы матэрыял стала магчымым вырабляць і ў халодным клімаце.
Чаму ж рабілі з дрэва? Па ўсяму бачна, што нават да рэвалюцыі справа з вытворчасцю цэглы была наладжана добра. Але ж пры гэтым вядома, што Гомель у большасці быў горадам драўляным, з-за чаго не ўсе будынкі вытрымалі выпрабаванні, выпаўшыя на яго долю. 

– Так, Гомель быў драўляным прыблізна да сярэдзіны ХХ стагоддзя, – тлумачыць Анастасія Ропат. – Галоўную ролю ў выбары гараджанамі будаўнічых матэрыялаў адыгрываў эканамічны фактар. Дрэва было нашмат таннейшым за цэглу. Яскравае ўяўленне таго, што Гомель быў пабудаваны з дрэва, дае аэрафотаздымак 1941 года, калі горад бамбілі. На ранейшым фота бачна гарадская забудова, а ўжо на здымку пасля Гомель нагадвае поле. У ваенным вогнішчы амаль усё павыгарала. Каробкі захаваліся толькі ў будынкаў, якія былі зроблены з цэглы. А такіх было нямнога. У асноўным гэта цэнтр Гомеля – часткова вуліцы Савецкая, Магілёўская (Кірава), Замкавая (праспект Леніна), Інтэрнацыянальная, Пралятарская. 



Пытанне пажаранебяспечнасці драўляных будынкаў існавала і да вайны. І калі будаваць усю хату з цэглы было вельмі накладна, то нярэдка ўзровень бяспекі павышалі будаваннем паміж дварамі брандмаўэраў – проціпажарных сцен, якія перашкаджалі распаўсюджванню агня. Зразумела, што будавалі такія сцены з цэглы. 


Здаецца, гісторыя гліняных экспанатаў з цікавымі надпісамі амаль што зышла ў нябыт. Усё ж такі сучасныя будаўнічыя матэрыялы актыўна замяняюць мінулыя. Але ж калі ведаеш, куды глядзець, можна ўзгадаць, як было раней. 


– У Гомелі ўсё яшчэ ёсць забудовы з падмуркамі, складзенымі з той самай цэглы, – дае арыенціроўку субяседніца. – Напрыклад, на вуліцах Пралятарскай, Карла Маркса, Парыжскай Камуны. У горадзе можна знайсці і цалкам выкананыя з цэглы будынкі. Адным словам, гуляйце па горадзе больш, разглядайце дэталі, я думаю, вы абавязкова заўважыце цікавыя рэчы. 



Автор фото: автора

Нашли ошибку в тексте? Выделите ее, и нажмите Ctrl+Enter
Обсудить новость в соцсетях

N